ПАНА́МСКАГА КАНА́ЛА ЗО́НА (Panama Canal Zone),
частка тэр. Панамы ў выглядзе паласы шырынёй 16,1 км па абодвух берагах Панамскага канала, статус якой у 1903—99 рэгуляваўся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. З 1903 у карыстанні ЗША. Кіравалася губернатарам, якога прызначаў прэзідэнт ЗША, з 1939 падпарадкавана ваен. мін-ву ЗША. Амер. ўрад пабудаваў у П.к.з. ваен.-марскія і авіяц. базы, атрымліваў вялізныя прыбыткі ад эксплуатацыі канала, а Панаме выплачваў адносна невял. арэндную плату. Паводле амер.-панамскага дагавора 1977 Панама з 1982 ажыццяўляе ў П.к.з. цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу. Прадугледжвалася ліквідацыя да 2000 ваен. баз ЗША, але ў канцы 1999 на тэр. зоны яшчэ заставалася 14 амер. ваен. фартоў. З 1.1.2000 пад кантроль Панамы перайшоў і сам Панамскі канал.
т. 12, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)